ГІСТОРЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВА

Гісторыя адкрытага акцыянернага таварыства "Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод" бярэ свой пачатак з верасня 1929 года, калі на былой да рэвалюцыі сядзібе памешчыка, а пазней сталярнай майстэрні і кузні быў утвораны Пухавіцкі прамкамбінат "Прагрэс". У пачатку свайго існавання прамкамбінат займаўся памолам збожжа, вырабляліся сталярныя вырабы, металічныя і драўляныя бочкі, рабіліся кавальскія і бляшаныя работы для насельніцтва. Перад Вялікай Айчыннай вайной прамкамбінат налічваў 50 чалавек працоўных. У Вялікую Айчынную вайну ўсё абсталяванне камбіната было вывезена нямецкімі захопнікамі, а ў памяшканнях майстэрняў быў размешчаны лагер ваеннапалонных. Пасля вызвалення Пухаўшчыны і г.Мар'іна Горка прамкамбінат прыступіў да аднаўленчых работ з удзелам 40 палонных немцаў, і выпуску прадметаў гаспадарчага ўжытку, у якім мела патрэбу насельніцтва ў пасляваенныя гады.

У канцы 1948 гады на прамкамбінаце быў пушчаны ў эксплуатацыю ліцейны ўчастак, у якім выраблялася прадукцыя для сельскай гаспадаркі і алюмініевы посуд. У гэты час на прадпрыемстве працавала 138 чалавек.
У 1987 годзе прадпрыемству была пастаўлена задача па асваенні і вытворчасці для Мінскметрабуда чыгунных цюбінгаў. Завод прыступае да мантажу абсталявання і засваенню механічнай апрацоўкі цюбінгаў. У лістападзе 1989 года ўпершыню ў Рэспубліцы завод пастаўляе цюбінгавае кольца для патрэб Мінскметрабуда.

З 1995 года завод асвоіў уласнае ліццё цюбінгаў. У 2006 годзе на заводзе праводзіцца рэканструкцыя ліцейнага ўчастка, што дазволіла ў цяперашні час апрацоўваць і адпраўляць да 1000 тон цюбінгаў у месяц. Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі завода з'яўляюцца Мінскметрабуд, Маскоўскі метрабуд, Чэлябінскі метрабуд і іншыя прадпрыемствы Расійскай Федэрацыі. 1студзеня 2015 года адкрытае акцыянернае таварыства «Пухавіцкі доследна эксперыментальны завод» было рэарганізавана шляхам далучэння да яго адкрытага акцыянернага таварыства «Шацкі механічны завод».
Цяпер на прадпрыемстве працуе 200 чалавек.